Рагнед Малахоўскі
за дробезямі штодзённымі далягляду было не бачна думаў, што больш усвядомлю калі стану глядзець скрозь пальцы на ветры старацца не цалавацца дасканала вывучыць ролю займацца каханнем смачна не захапляцца праклёнамі
бессэнсоўна спрачаўся з самім сабой ды нейкі няўлоўны сэнс угледзеў хацелася нечаканага адкрыцця з ніадкуль пачуў бацькоў галасы ад нараджэння да ўзлётнай паласы выйшаў натхнёны на рынг жыцця ды, на жаль, ніхто не папярэдзіў што без правілаў будзе бой
памяняў старую трансмісію графаманаў хай зайздрасць дзяўбе актывізаваў новую місію троліць самога сябе
мільён разоў разаб’юся аб цела халоднае (ў)моўнай сцяны і заткнуцца не пабаюся абы не было вайны
і юзер ніводны ў граніце не разгадае дзеяў маіх алгарытм
дзверы калі ласка зачыніце я тут між іншым ламаю рытм
што пакіне пасля сябе выпадковая сустрэча напрыдумляем пытанні і адказы адказы і пытанні сарамліва глядзець у вочы будзем толькі пад ранне бо ў кожнага з нас свая недатыкальная пустэча
зліццё выпадковых гукаў абуджае натхненне растлумачаць усе акалічнасці у кодзе нулі і адзінкі разбяжымся як запланавана кожным пакуль не растануць у віскі ільдзінкі бо ў кожнага з нас сваё залатое напаўненне
і тады аб сабе нагадаюць вужакі ў галаве ці матылькі ў жываце байфлай дапаможа падзяліцца са светам нецікавым нікому вынікам а мозг фарматнуць сёння думкі як смецце пад мыйнікам кожны з нас геніяльны як пыл у сваёй прастаце
загнанаму ў рэзервацыю не грэшна разок і афігець ад глыбіні самацэнзуры ад колькасці нявыказаных з-за боязі слоў як злодзею мне вісець на шыбеніцы ветракоў
натыкнуўся на рэкламную акцыю толькі ўчора збяры забытае і закатаванае зашоранае і ў душы закансерваванае і атрымай свабоду пакінь рэзервацыю
калі не стае шчырасці і застацца з табой азначае быць расстраляным агрэставымі вачыма у знак пратэсту супраць рэчаіснасці устану з пакамечаных прасцін і паспяшаюся выйсці з перакрэсленай стомай пустыні напрасткі ў сталіцу
напарстак раструшчанага сонца перасцерагае ад настальгіі што ў абрысах стагоддзяў абрастае злоснымі наступствамі
часта ўяўляю сябе містычнай істотай час такі самадастатковы
станцыя кастрычніцкая найлепшае месца для расставанняў і новых незапланаваных сустрэч а на паверхні перамагае страх і стогнуць праспекты застаецца толькі выйсці са скамянелага статку і ўвайсці ў астрал
прачынаюся на золку прасціны пахнуць сэкандхэндам пачынаю адчуваць сябе учорашнім днём схаваным ад свету перажытым што ўжо быў ва ўжыванні
ужываю каву ужываю пах свежай ружы падараванай апошнім прыхільнікам ужываю пару мацюкоў калі акідваю вокам ранішні беспарадак у пакоі
беспарадак у пакоі беспарадак у свеце
беспарадак у галаве схіляе да думкі заняцца інтэрнэт-шопінгам хутчэй бы і гэты дзень стаў былым ва ўжыванні
слепіць вочы блакіт у вушах новы хіт на радары чыста паветра празрыстае ды месца гэта магніт для тэрарыста
ні на полі цудаў ні на што дзе калі ні на мінным полі ці проста ў полі нават у алкаголі не знайсці такога хэдлайнера я чорная скрыня на борце авіялайнера
для размоў не знаходзяцца тэмы пад нагамі ўспаміны валяюцца гэта файлы сістэмы абнаўляюцца
калі слова бясконца славіш то дарога становіцца гладкаю
хачу ноўт з падсветкаю клавіш развучыўся пісаць асадкаю
стаіш на каленях вінаваціш душу разважаеш пра грэх
у начных сутарэннях пасля запрашае мяне нечаканы хэштэг
толькі ўмовы дзве не запальваць святло прамаўляць толькі па тэме
дзіця ў калысцы раве каханне аджыло і ўсё па класічнай схеме
хацелася інтэлектуальнага гумару ці моцнай жыццёвай сатыры закрываў вочы на бл...тва аднагрупніц і аднакласнікаў былых свінства быў гатоў да любога выкінутага лёсам нумару ды стала страшна калі ў трыццаць чатыры ад бухла памёр сябар дзяцінства
кожнае імгненне мае свой пункт незваротнасці можна экспрэсам праляцець праз маладосць так і не дазнацца хто ты на самай справе ёсць а пасля сусвет палягае зусім у іншай плоскасці
магчыма недзе на шляху млечным мы будзем жыць вечна але тут і цяпер зусім іншае сніцца разбіты аб падводныя рыфы карабель раструшчаная ў руках сініца расстраляны ў небе журавель