Аркадзь Куляшоў

Сноп апошні залатога жыта
Застаецца ў памяці палос...
Гэтак і цябе не скосіць лёс —
Мною ты не можаш быць забыта.

Нават і тады, калі б імгла
Вочы мне засыпала зямлёю,
Калі б я забыты быў табою,
Мною б ты забыта не была.

На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты,
На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты.
Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу,
Сын прыйдзе з паходу,
Са славаю прыйдзе з паходу.

Дарэмна ўздыхала,
Чакала
I шчасця, і долі, —
Упалі зярняты
На камень шчарбаты
У полі.

Дарэмна здалёку
Паўнюткія вёдры цягала,
Той камень у спёку
Вадой і слязьмі палівала.

Да кроплі іх выпіў задымлены
Камень пякельны:
Два леты кіпелі на ім яны,
Як на патэльні.

Ля каменя ўпала
Цярплівая маці ў знямозе,
У роспачы скардзіцца стала
Знаёмай дарозе:
«Пачуй мае словы,
Улашчы свой камень суровы,
За гэта вярбою
Гатова я стаць над табою.
Твайго пешахода
Я ў засень ад спёкі б хавала,
У час непагоды
Ад бур і дажджоў засланяла;
Старымі рукамі
Твой дол падмятала б штодня я.
Улашчы свой камень,
Дарога мая палявая».

Сказала дарога ёй:
«Скардзішся, маці,
Дарма ты,
Не ўзыдуць зярняты,
Бо ўпалі на камень шчарбаты.
Не першая ты
Каля камня заходзішся з жалю,
Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі.
На нашыя нівы
Яго закацілі чужынцы;
Чужы і маўклівы,
Даўно ён ляжыць пры гасцінцы.
З-за Буга яго
Закацілі і кінулі ў полі,
Каб сына свайго
Не дажлалася маці ніколі.
Не ўзыдуць зярняты
Ні ўвосень на ім, ні вясною,
Пакуль ён не стане зямлёю,
Закляты табою».

З дарогі ўставала
I каменю маці казала:
«Вады табе мала
I матчыных слёз табе мала,
Цяпер я крывёю
Сваёю
Цябе праклінаю:
Ты станеш зямлёю,
А каменем стану сама я».

I тройчы такою
Кляцьбою
Той камень пракляла.
Стаў камень зямлёю,
Сама ж яна каменем стала.

На камні былым пры дарозе
Узыходзяць зярняты.
Вяртаецца сын па дарозе
З паходу дахаты.

З дзеўчынай развітваўся юнак,
Аддаваў яе шляхам, далінам.
— Лепш бы млынам стаць... —
Падумаў так
І зрабіўся на тым месцы млынам.
Людзі жыта носяць дзень у дзень,
А драўляны млын слухмяна меле.
Замест сэрца - б'юцца жорны ў целе,
А замест крыві —
Вады струмень...
Кажа нам паданне пра яго,
Што не можа ён з тых чараў выйсці,
Як не перамеле усяго,
Што яму належала калісьці.
Як належала яму не шмат,
Дык спадзе з яго палон драўляны,
Прыйдзе зноў ён вольны да дзяўчат,
Ні ў адну яшчэ не закаханы.
А як шмат?.. Але гадаць не след,
Бо адзін ён ведае пра тое,
Што яму належаў цэлы свет,
Як хадзіў з дзяўчынай у жытное.

1939

Парушыўшы законы прыцягнення,
Планетамі сярод другіх планет
Існуем мы з табой як выключэнне,
Мая любоў, — як свет і антысвет.

Ніколі мы адной не ходзім сцежкай,
Не дзелім хлеб і дзелім толькі соль,
Ты сустракаеш смутак мой усмешкай
і смуцішся, калі міне мой боль.

Адказваеш на мой сардэчны захад
Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод.
Здаецца, павярніся я на захад,
Як тут жа ты павернешся на ўсход.

Аднак зямля б мая асірацела
і ўвесь сусвет ахутала б імгла,
Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела
Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.

Спакойнага шчасця
не зычу нiкому:
Навошта грымотам
маланка без грому,
Навошта ручай
без пякучае смагi,
Халодная ўвага,
не вартая ўвагi,
Жаданнi, што прагныя
крылы згарнулi,
Зязюля без лесу
i лес без зязюлi?

1961

Я ў лузе кветкі не сарваў ніводнай,
Ніводнай зоркі з неба не схапіў,
І, па жаданню прымаўкі народнай,
Ні разу іх каханню не дарыў.

Хай цешаць вока кветкі на палянцы,
Каб мы з табой гулялі сярод іх, –
Яны змарнеюць у гранёнай шклянцы,
Як мы без сонца сярод сцен нямых;

Да зор далёка: шляхам ехаць конным –
Не век, не два, а сто вякоў міне –
Каб іх здабыць, на караблі фатонным
Ужо ляцець не давядзецца мне.

Не вытрымае сэрца падарожжа –
Заглухне бездакорны мой матор,
Што пыл глытаў, вычыхваў бездарожжа…
Прымі яго без кветак і без зор!

Калі каханне абвянчае
Жаданай згодай маладых,
Свайго сумлення не хавае
Яно ад позіркаў чужых.
А звяжа шлюбам маладая
Сябе з нялюбым і старым,
Свайго сумлення не схавае
Яна за прозвішчам чужым.

1963

Калi вясною закукуе
Зязюля ў лесе ранiцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Сустрэчы нашыя з табой.

Згадай ўсё што сэрцу мiла,
Што сэрцу дорага было,
Забудзь, што ўсё адгаманiла,
Адкукавала, адышло.

Згадай усё што нам жадала
Зязюля ў гучным гушчары
Забудзь што ў хованкi гуляла
Жаданне з намi да зары.

Забудзь што рэху не вярнуцца
Нi да цябе, нi да мяне,
Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

1928