МОВЕ

Васіль Салавей

П'янкою рыфмаю ўдалага радка, Пяшчотай рук абдымкаў нечаканых, Духмяным боханам у торбе жабрака, І мёдам з ліп на вуснах закаханых…

Сыдзі й застанься, будзь і гавары Дзіцячым ляпятаннем, словам маці, Шэптам любошчаў ў золкавай зары, І скавытаннем суму па ўтраце.

Ідзі натоўпам, гулкай грамадой, Туліся ў сэрцы ціхай адзінотай, Нідзе і ўсюды, ахінаючы сабой, Нішто і ўсё, нядбайнасць і турботу…

Мо, хоць тады, не ў сілах ўтрымаць Цябе ў сабе, сябе ў прасторы… Расцяўшы моцна стуленую падзь, Хоць хто па-беларуску загаворыць...

21.02.2025
Настрой верша:натхнёны