Балада пра верасовы мёд
Усевалад Сцебурака
Той трунак верасовы
вядомы быў здаўна –
ад мёда саладзейшы,
п’янчэйшы ад віна.
Майстры яго варылі,
і потым той напой
таіўся побач з імі
у пячорах пад зямлёй.
Прыйшоў кароль шатландскі,
і палілася кроў –
ён нішчыў племя піктаў,
цкаваў, нібы звяроў.
І па чырвоных ўзгор’ях
пагоня гнала іх,
пакуль не сціх апошні
людзей маленькіх уздых.
Лета ізноў у краі,
верас барвай гарыць.
Ды толькі няма нікога,
хто можа той мёд варыць.
У магілах безыменных
у мясцінах, дзе паляглі
маленькія медавары
ляжаць у сваёй зямлі.
Па верасовай пустцы
едзе кароль на кані,
пчолы гудуць трывожна,
плача кулон* ў вышыні.
Едзе кароль, злуецца:
хіба ўсё дарма?
Над верасам я паную,
а мёду з яго няма!
І тут жа яго васалы,
хто побач быў на кані,
пільна ізноў абшукалі
пусткі і камяні.
Знайшлі яны двух апошніх,
на чый патрапілі след, –
пікт бацька і сын-падлетак
выйшлі з пячоры на свет.
Кароль паглядаў звысоку
на гэтых дваіх на зямлі,
а пікты зацята маўчалі
пры свіце і каралі.
Падводзяць малечу да прорвы,
мора ўнізе шуміць:
“Свабоду даруем за веды,
як з верасу мёд варыць!”
Спакойна стаялі абодва,
стары пікт і пікт малы,
верас гарэў на ўзгорках,
унізе грымелі валы.
І раптам прамовіў бацька
і стала вакол цішэй:
“Я маю сказаць два словы
для каралеўскіх вушэй!”
“Старэйшым жыццё дарагое –
я кожную хвілю люблю
і мёда сакрэт адкрыю!” –
прызнаўся ён каралю.
Голас яго то цішаў,
то набіраў уздым:
“Я навучу варыць вас,
ды не пры сыне маім!
Хлопцу жыцця не шкода
і галавы на плячах…
Але я страчу гонар
цяпер у яго вачах.
Скіньце яго са стромы
уніз, дзе шуміць прыбой.
Слова сваё стрымаю –
будзе ў вас напой!”
Хлопца тады схапілі,
рукі сцягнулі вузлом,
уніз штурхнулі з абрыву
у мора на згубу і злом.
Мора накрыла хваляй,
крык у глыбінях знік,
і прагучалі словы,
што мовіў апошні пікт.
“Праўду тады сказаў вам:
гарачы народ малады!
Тым не стае загартоўкі,
хто не галіў барады.
А я не баюся пакутаў,
не страшаць агонь і лёд.
Няхай са мной памірае
мой верасовы мёд!”
* Кулон – від птушак з сямейства бакасавых.
(Пераклад з англійскай “Heather Ale” by Robert Louis Stevenson)