Усевалад Сцебурака

Хацелі быць трэцім рымам, а сталі чацьвёртым рэйхам. жыцьцё праляцела міма з шалёным сабачым брэхам.

Хацелі мацней у балеце, хацелі сады на марсе, Гагарын ляцеў на ракеце... Усё зьнікла ў крывавым фарсе.

І зноўку пад кірзавым ботам зямля захлынецца ад болю. І ўсё адкладзецца на потым і не надыйдзе ніколі...

Усевалад Сцубурака

Я ня ведаю колькі планэт і ня розьню гатункаў табакі - проста я паглядаю на сьвет вачыма майго сабакі.

Мне не вельмі цікавы балет, не палохаюць вашыя жахі – мне бліжэйшы жывельны сьвет і сяброўства майго сабакі.

У нас ёсць з ім агульны сакрэт, толькі нам зразумелыя знакі – я глыбей адчуваю сьвет мокрым носам майго сабакі.

У шэсьць лапаў ідзем сьлед у сьлед і шчасьлівыя і небаракі – у чорна-белы – мой собскі сьвет, у каляровы – майго сабакі.