***

Усевалад Сцебурака

Вецер гуляе ў напарсткі кубачкамі з пластыку. Дрэвы запознена робяць ранішнюю гімнастыку. менск вяртаецца з Гораду з офісаў і заводаў, месціцца ля тэлевізараў у пошуках танных прыгодаў. Плавае флот недапалкаў у акваторыях лужын, хтосьці гатуе вячэру, большасць, напэўна, – ужын. Вочы вакон заплюшчваюць жалюзі ды фіранкі, бегаюць і страляюць у тэлевізары “янкі”. Дзень адлятае стары, дзень надыходзіць новы. Нехта шукае пары, нехта шчырай размовы. Дождж вышыня нараджае, цемра рыхтуе пасткі, блытае, перашкаджае ветру гуляць ў напарсткі.

Настрой верша:сузіральны
Ключавыя словы: