Ціхі вечар; знікнула спякота
Максім Багдановіч
Ціхі вечар; знікнула спякота,
Весялей струіцца між чарота
Рэчка, што ўцякае у ставок;
Ўкруг яго ідзе вярбін вянок
Йшчэ зялёных, свежых, хоць каравых;
Плесня каля бярагоў іржавых
Саматканым поясам ідзе
І лілеі расцвілі ў вадзе;
Часам з візгам ластаўка малая
Пранясецца нізка, і чыркае
Крылечкам з разгону гладзь стаўка,
Налякаўшы гэтым матылька.
Часам лінь ці окунь успляснуцца
І кругі шырока разыйдуцца.
Часам выпаўзаюць паляжаць
Тут вужакі шэрыя на гаць,
У канцы каторай. млын схіліўся;
Спарахнеў ён, ледзь не разваліўся,
Пачарнела кола, і даўно
Мохам цёмным абрасло яно.
Але сёння ходзіць кола млына,
Бо прыйшла да млынара дзяўчына,
Каб мог сукруху с сэрца збыць.
У белай вопратцы яна стаіць,
Нахіліла смуглую галоўку
І чуваць, як сэрца праз шнуроўку
Часта б'ецца. А стары млынар
Тройчы брызнуў ёй вадой на твар
I, уставіўты на хвалі вочы,
Прыглушоным голасам шапоча:
"Пакланюся я табе, царыца,
Чыстая, сцюдзёная вадзіца.
Ты цячэш балотамі, імхамі,
Жоўтымі, сыпучымі пяскамі,
Бэрагі крутыя падрываеш,
Дрэвы ды каменні падмываеш
І нясеш іх к мору-акіяну,
К выклятаму востраву Буяну.
Там і вецер буйны не гуляе,
Там і сонца краснае не ззяе,
Там не блішча ясная зараніца.
І прыносіш ты туды, вадзіца,
Важкі сум ад сэрца Кацярыны.
Я навокал абваджу тры тыны,
На замок іх моцна замыкаю,
Ключ у мора-акіян кідаю.
Як са дна ключу ўжо не падняцца
Так і гэтым словам не мінацца".
І падносіць млынару дзяўчына
Яйкі ў рэшаце і палатніну.