Вечар
Максім Багдановіч
Месяц круглы ўстаў на небе,
Блішчыць не высока,
Ўвесь чырвона-жоўты, быццам
Пугачова вока.
3 мілым, задушэўным зыкам
Важкі хрушч лятае;
Пра няшчаснае каханне
Нехта запявае.
Голас полем пракаціўся,
У бары аддаўся:
"А дзе ж тая крынічанька,
Што голуб купаўся?"
І снуюцца сумна ў сэрцы,
Ўюцца адгалоскі
Горкай песні, простай песні
Беларускай вёскі...
Крыніца верша: Вянок. Кніжка выбраных вершоў. Вільня, 1913.