Песняру
Максім Багдановіч
Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цвёрдые быццам з камення.
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Не збудзіўшы святога сумлення.
Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба с цярпеннем.
Як ударыш ты ім, — ён як звон зазвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменняў.
Крыніца верша: Вянок. Кніжка выбраных вершоў. Вільня, 1913.
