Танец з вужакамі
Алесь Разанаў
Змаганне захоплівае мяне: яно разнявольвае ўсе мае здольнасці, яно абуджае ўсе мае сілы, яно становіцца танцам, яно становіцца святкаваннем, яно тчэ з маіх рухаў свой непаўторны ўзор.
Я ашчаджаюся ад яго. I чакаю яго.
А з мора ўжо вынырнулі дзве вужакі — дзве неспатольныя пометы.
Яны апантана накідваюцца на мяне, абкручваюць слізкімі шчыльнымі звівамі, пстрыкаюць джаламі ў самы твар...
Я аддзіраю ix ад сябе, я душу ix рукамi, тапчу нагамі, кручуся, уюся, крычу...
Навокал, з усіх бакоў, збіраюцца гараджане.
Нібыта прыцягнутыя магнітам, яны глядзяць на мой адчайны міжбой, на мае пагібельныя вымогі...
— Якое відовішча!..— у захапленні, я чую, гамоняць яны.—
Мы першы раз назіраем такі напружаны рытм,
мы першы раз бачым такі выкшталцоны танец.