Любоў
Уладзімір Сцяпан
Сяргей Цымбал, двойчы пад час арышту губляў прытомнасць.
Цымбал ажаніўся з Люськай, калі яе малому і года не было. Люська гуляла са школы… Пра гэта ведалі ўсе, вядома, акрамя Сяргея. А можа і ён ведаў, але маўчаў. Ён быў шчаслівы і Косціка любіў, як свайго. Насіў малога на руках, вазіў у вазку. Забаўляў, як мог, хваляваўся за яго здароў’е, а Люська гуляла. У яе заўсёды былі грошы. Працавала яна ў завадскім гатэлі – пакаёўкай-касцялянкай… Так яны пражылі два гады. Потым, пад раніцу, міліцыя, суседзі-сведкі, ператрус, арышт. Капэрту з далярамі знайшлі ў дыктавай клятчастай скрынцы з-пад шахмат. Сяргей узяў віну на сябе. Даляры, чаму і хапіліся, былі мечаныя — хабар для дырэктара завода. Люська на суд прыйшла з Косцікам. На ёй была аксамітная сукенка, чорна-сіняя, тая у якой яна брала з Сяргеем шлюб. Пакуль Цымбал не прыйшоў з турмы, а гэта тры гады, сукенка ляжала ў шафе.