Іван Гуговіч
Алесь Разанаў
Колішні брыгадзір паляводчай брыгады Іван Шаўкаловіч, па-вулічнаму Гуговіч, казаў, што ён пражыве семдзесят два гады.
Столькі разоў адстука ў яму ў часы яго маладосці, яшчэ пры Польшчы, на адным спірытычным сеансе драўляны столік.
I з ім, i вакол яго ўсё мянялася неаднаразова, i ў чужых землях, i ў сваёй зямлі гінулі аднавяскоўцы, a Іван Гуговіч, нібы зарок, насіў у сабе тую звестку, якая прыйшла да яго з яго канца...
І калі па вёсцы блукалі ўпартыя чуткі: будзе вайна, i ў ёй аніхто не ўцалее, а ў краме бралі мяшкамі запалкі, мыла i соль, я не згаджаўся: не будзе — Івану Гуговічу яшчэ далека да сямідзесяці двух гадоў.
Загінуў ён неяк дзіўна. Паехаў на возе ў лес, а перад мостам чамусьці збочыў, паехаў па-плыткаму — уброд, праз раку...
Там i знайшлі яго: на беразе ходзіць конь, воз у вадзе, а пад возам Іван Гуговіч, адно вытыркаецца, у кола ўчаперыўшыся, рука...
Рознае меркавалі пра выпадак гэты. А я прыгадаў ягоны расказ, якому i сам ён здзіўляўся, нібы не верачы, як гэта можа быць...
Ён не дажыў паўгода да тэрміну, што яму тады налічыўся,— мабыць, апошні раз столік стукнуў цішэй.