Зялёнае сонца
Уладзімір Сцяпан
У пятнаццаць гадоў у мяне яшчэ не раслі вусы, а ў Жоркі — майго аднакурсніка, была рудаватая густая шчэць. Да і выглядаў ён старэйшым за свае гады… Шырокі ў плячах, важкі, грунтоўны, як вясковец. Усё, за што не бярэцца, робіць павольна. Кніжак не чытае, гісторыяй мастацтва не цікавіцца, дыктоўкі на двойкі піша, а сачыненні выкладчыца зачытвае, як узоры дзікунскай непісьменнасці…
Як жа ён змог-здолеў са звычайнага краявіду зрабіць такую незвычаўную карціну? Сонца на ёй — зялёнае, а трава і дрэвы — пурпуровыя… І яшчэ нешта было на той карціне, ды не памятаю. Мне хапіла аднаго таго зялёнага сонца, каб захлынуцца, зайсціся ад зайздрасці, а потым ад радасці, і зразумець, што ўсё правільна, ўсё так і трэба – сонца можа і павінна быць зялёным. Мае вочы тады і адкрыліся — карціна дапагла.
Пасля першага курса высветліцца, Жорка – дальтонік. Яго, самага рэаліста-натураліста, выпруць з мастацкай вучэльні, як якога дысідэнта… Не за палітычныя погляды, не за пурпуровую траву, а за кепскія адзнакі. А яго зялёнае сонца застанецца са мной. Сонца можа быць зялёным!