Аднакласнікі
Уладзімір Сцяпан
Нешта там пра “… донну мія… “ спяваў Чэлентана. Яго хрыпаты і саладжавы голас ляцеў з чорных калонак. Вось пад гэтую музыку і выйшлі на плошчу шабашнікі — Сяргей з Алікам. Сяргей апрануў чорныя скураныя штаны і джынсовую кашулю, Алік джынсы і скураны чорны пінжак. На нагах у абоіх – красоўкі, у зубах незапаленыя цыгарэты… Бармэн убачыў сваіх аднакласнікаў, калі яны падыйшлі да яго чырвонага “Форда”. Бармэн хацеў выскачыць з-за стойкі, хацеў крыкнуць, але не зрабіў ні першага ні другога. Тэлефон з раніцы не працаваў. Усе, а ў бары сядзела пяцёра мужчын і адна жанчына, павярнуліся да вокнаў. Бармэн сціскаў чорную слухаўку, як гантэлю. Чэлентана спяваў не толькі для наведвальнікаў бара, на плошчы таксама было добра чуваць. Алік з Сяргеям пераглянуліся. У руцэ Сяргея з’явіўся малаток, У Аліка доўгая “фомка”. Бармэн купіў машыну два тыдні таму, яна была як новая. Песьня не паспела скончыца, а машына зрабілася старой. Бармэн з-за стойкі не выйшаў. Ён адчуваў сваю віну перад аднакласнікамі — Алікам і Сяргеям. Верка была Аліку жонкай, а Сяргею сястрой.