Анёл
Уладзімір Сцяпан
Куды ён сыйшоў, куды адляцеў? Раней яна ўвесь час адчувала яго прысутнасць, хоць і не задумвалася, а ці ёсць ён – анёл-ахоўнік. Яна радавалася кожнаму імгненню жыцця, глытку халоднай вады, фотаздымку, на якім яна маленькая з дубчыкам у руцэ. Радавалася кожнай блізкасці з мужам. Яна не спяшалася сама і не прыспешвала тых, хто быў побач. Жыла сённяшнім днём, сёняшнімі клопатамі. Былі грошы – добра, не было, што ж хутка з’явяцца. Яна пражывала кожны дзень і радасна засынала, ведала што наступны дзень будзе не горшы за папярэдні… Праходзіла побач з люстэркам і не магла не зірнуць на сваё адлюстраванне, не магла… А цяпер ўсё не так. Знікла тая невыносная лёгкасць быцця. Я гляджу на яе чысты твар, на светлыя валасы, скультурныя, як намаляваныя пад лекала плечы, на тонкія, такіх ні ў кога больш не бачыў рукі … Я гляжу на яе і прашу цябе, анёл-заступнік, вярніся. І не адыходзь ад яе. Будзь заўсёды побач. Прашу цябе, пачуй.