Сабачае
Наста Кудасава
паімчу палямі басалап –
мірыяды музыкаў у пашчы...
падалося, некалі была
я жанчынай з доляю прапашчай.
падалося, падалася так,
быццам дыванамі дол убраны,
быццам кожны адбалелы такт
дзьмухаўцамі зарастаюць раны.
мо таму так вабіць далячынь –
далячу ж! ні лапай не самлею!
бо сабачы лёс – імчання чын –
палявое волі паўназелле...
