Ода кланаванню
Віктар Жыбуль
Я хачу, каб мяне кланавалі
на пустым хірургічным стале,
каб парэзалі, прэпаравалі,
каб па слоіках кроў разьлівалі –
абы толькі мяне кланавалі!
Я адзін, і мне мала мяне!
Ну чаму ж у людзей з нараджэньня
адзін зрок,
адзін нюх,
адзін слых?
Дзе ўвесь кайф? Дзе свабода памкненьняў?
Дзе імпэт для вялікіх зьдзяйсьненьняў?
Я хачу для сябе запасных!
Як абрыдла бясплённа мне мроіць –
хутка я ўжо змарнею ў журбе!
Як хачу я падвоіць, патроіць,
я хачу разьмільёніць сябе –
каб я здолеў спасьцігнуць сьвет цэлы
і каб высмактаў космас да дна,
каб было ў мяне некалькі целаў –
целаў некалькі,
а сьвядомасьць – адна!
Я хачу, каб мяне чвартавалі,
узялі – пакрышылі ў булён,
абы толькі мяне кланавалі,
каб мяне быў мільён + мільён!
Пакладзеце мяне на кавадла!
Куйце, куйце мяне, кавалі!
Дактары, ну няўжо вам у падлу
зьдзейсьніць подзьвіг, прыдбаць мэдалі?
Рэжце! Зычу вам так пастарацца,
каб з душой адно цела адно
уставала штодня – і на працу,
а другое – хадзіла ў кіно,
цела трэцяе – гнала Пэгаса,
а чацьвёртае – ела грыбы,
каб заўсёды ў адной кропцы часу
ў дзевятнаццаці месцах я быў.
Калі-небудзь, такі шматаблічны,
станчу я карагод экзатычны
на вясёлым буйным карнавале.
А пакуль што зьвіню я ў набат.
Я хачу, каб мяне кланавалі!!!
Гэта ж клёва, калі мяне шмат!
Я хачу, каб мяне кланавалі
На экспэрымэнтальным стале!
У мяне ёсьць і куля ў ствале,
і вяроўка ў глыбокім падвале.
Накладу на сябе я руку –
хай дзесяткі мяне загнуцца.
Я павешу сябе на суку,
але сотні мяне застануцца.
Я хачу, каб мяне кланавалі
ды пусьцілі па сьвеце гуляць.
Анамальней за ўсе анамаліі
буду сутнасьць сваю выяўляць.