Ты і я
Ярына Дашына
Уцякай у Паэзію. Ні скальпелем, ні абразаю там цябе не дастануць. Ні слоўнікавай цукровасцю... Экзістэнцыя верша твайго – экзекуцыя фразаю. Таніроўка душы — няроўнасці ў гэтай мясцовасці.
І таму мы не любім жэлейнае і шакаладнае, абыякава ўспрымаем вершы мінорныя – усё накручваем сэнс, нібы бруд на палачкі ватныя, і шукаем бясконцага выйсця ў словы прасторныя.
Ты нікім не хацела быць. Адбывала маленькаю тэрмін свой і сыходзіла ў гульні язычныя. Наляпіла трыпутнікі на душэўна-каленкавыя раны… Крываточыла вершамі хаатычнымі.
Я гляджу на цябе — мы з табою нібыта палярнасці аднае рэчаіснасці і аднае бяздоннасці, аб’яднаныя дзеля нейкае салідарнасці ў бясконцасць жыцця вершаванай сваёй сінхроннасцю.
Уцякай у Паэзію. Там мы з табой і сустрэнемся. Як каханкі таемныя на паласе нейтральнай. Мы, магчыма, палюбімся, а пазней і ажэнімся ў бессмяротнасці звершаванае і сакральнае…