Мяцеліца

Алесь Гарун

Ой, спаліце, перуны,
Майго Янку, бо дурны!
Назаляе толькі мне,
А каб сватацца, дык не!

Я казала, дый не раз:
Прысылай сватоў да нас;
Татка добры, ён аддасць,
У пасаг – цялушку дасць.

А той Янка, той благі,
Ўсё смяецца – «гі-гі-гі!»
Да таго ж часамі кпіць:
«Ну, чаго табе карціць?»

Ой, праліцеся, дажджы,
А ты, Яначка, пажджы:
Учыню табе бяду,
За нікога не пайду!

Настрой верша:сумны
Ключавыя словы: