Жыццё
Алесь Гарун
Жыве спакойна вол пад тым ярмом сваім,
Намуляў карак. Мазолі, скрозь мазолі!
Падкінуць сена жмут – яму й таго даволі.
I лёс мізэрны свой не назаве благім.
Цярпліва зносіць ён нявыгады жыцця:
Няхай яго часамі злаюць ліха,
Хай свішча страшны біч, – пакорліва і ціха
Ідзе разораю. Кіруе ім дзіця.
Жыві ж спакойна, вол, хадзі ў сваім ярме,
Цягай плугі і лій свой пот на пана,
Хаця не ведаеш, якая рэч пашана.
Нашто яна табе? Сляпому добра ў цьме,
Лягчэй ісці яму дарогаю жабрачай...
A ты – жывёлаў цар? Ці ж ты жывеш іначай?!
Настрой верша:сузіральны
