Практычны дапаможнік па танцах на стале
Марыя Мартысевіч
Галоўнае – хадзіць па танцполе, нібы носіш чырвоны сцяг, –
і тады эгаістычныя геі падпусцяць да шоста.
Калі шост надакучыў, стол – заканамерны працяг.
Танчыць на стале вельмі проста.
Правер стол:
пераканайся,
што ён дастаткова хісткі для тваіх мэтаў.
(Бяспечней, канешне, каб стол быў трывалым, але
ты можаш танчыць толькі на хісткім стале,
бо хісткае – твая карма,
твой стрэмны кон,
няясная ніва,
хімерны Салярыс,
маргінальная ultima Thule).
Заплюшчы вочы,
ранняя восень,
ты на Браславах,
час збіраць журавіны,
пад нагамі дзёран,
пад дзёрнам тоны вязі,
вікінгі ў драках
ляжаць у ёй штабялямі.
Хрыпы кнігаўкі.
Званы Іказні.
Посвіст катэра рыбнагляду.
Ты дома.
Ты вольны.
Ты мусіш.
Расплюшчы вочы.
Расслаб калені.
Раскінь рукі.
Рассунь падэшвамі пілсы ды вайсы.
Адрывайся.
Танчы раз-два –
пад табой дрыгва.
Танчы нон-стоп –
гэта топь.
Калі душа прагне –
тусі на багне.
Не шкадуй мэблі
на хліпкай грэблі.
Скачы – опа-опа –
на лёгкіх Еўропы.
То брэйк, то марш –
shake the marsh.
Гуляй, галота, –
трасі балота.
Усе вочы клуба скіраваныя на цябе,
на гэтым этапе галоўнае – не здацца ахове...
А, зусім забылася: ты танчыш не ў межах РБ –
усё адбываецца ў кансерватыўным Львове.
Фацат у вышыванцы мкне на цябе са спіны,
іншы – з трызубам – падступна заходзіць справа.
(Пароль: “Слава Україні!”
Водгук: “Героям слава!”).
Цябе выстаўляюць з клуба, але – гэта ж Львоў! –
нат не штрафуюць і не здаюць у кутузку.
Пад ліхтаром пара ўкураных галіцкіх львоў
вучыць нейкага каталонца мацюкацца па-руску.
Каталонцы даязджаюць да Львова –
гэта клёва,
але
ім не зразумець беларускага танца на хісткім стале.