* * *
Уладзь Лянкевіч
пакажы, што ты хаваеш у руцэ
пальчыкі быццам у лялькі, зробленае з кавалачкаў крэйды
і чым даўжэй яна водзіць рукой па маіх валасах
карацеюць ейныя пальцы, сціраюцца, спісваюцца
а я сівею
ножкі ейныя, калі танчыць, пакідаюць малюнкі
а трохі пазней, як не стане грошай, мы ўладкуем цябе на працу
ты будзеш наносіць разметку (куды дагэтуль не заязджала кола машыны)
толькі цяпер я разумею, чаму яна не ўмее плаваць (чаму ты не ўмееш плаваць, лялечка)
крэйду лёгка пакрыўдзіць
крохкая
хто цябе сабраў з крэйдзінак? што засталіся ў зарослых імхом класах
закаціліся пад настаўніцкі стол
старыя драўляныя дошкі пакрыла зяленіва, нехта ўпрыгожыў маем
лабірынты шчылінак у зацёртым паркеце, пісягі
ляцелі сарокі, ухапілі ўрокі
я чуў, што на моры на кіяне стаіць белы камень
дзяды над морам праляталі, іхныя слёзкі на камень упалі
ты адтуль?
я хвалююся, калі ты пячэш што-колечы з мукі, я баюся, каб ты не заблукала ў ёй, не схавалася, а печыва тваё заўсёды з такім чароўным смакам
а раптам гэта ты штораз крышку сябе ў цеста крышыла?
а разынкі ў пірагу – гэта твае зрэнкі? чалавечкі? лялечкі?