* * *

Уладзь Лянкевіч

дробачкі Сёння сыплюцца як жвір
хтосьці выпіў капяжы

я мог бы быць тваім цмокам
вазіў бы цябе на спіне па горадзе
выкідаў бы смецце бегаў у краму
аніякіх праблемаў з паркоўкай
ды ў любую хвіліну – на лецішча

і дахі на якіх заставаліся б сляды маіх ступакоў
ганарыліся б і па начох апавядалі б суседнім
як гэта

проста я ведаю: ты любіш
паржавелую бляху гарышчы
і крыху мае лусачкі

ты называла б мяне з асаблівасцямі
паўночна-ўсходняй вымовы
Чмок

ты ляпіла б для мяне з батона
юнакоў і дзяўчат

а ў зімовыя вечары
ты б грэла рукі ля маёй пашчы
а ноздры прыдаліся б як фен

але я не стану тваім цмокам
бо яшчэ з маленства памятаю
чым такія гісторыі сканчаюцца

Настрой верша:натхнёны