* * *
Марыя Мартысевіч
А на выезьдзе з гораду цемра была,
быў на выезьдзе з гораду корак,
і ранкі рубінавага сьвятла
душыліся на выезьдзе з гораду.
Як заўсёды ў пятніцу, дзеці сяла
выяжджалі з гораду ў морак.
У заторы было немагчыма прайсьці
між "фолькцвагенаў", "шкодаў" і "бэхаў";
у той вечар - і ўвогуле па жыцьці -
ў гэты горад ніхто ня ўехаў.
