Вільні вось
Віктар Сямашка
сьвятло ўзьбіваецца ў згорткі
зьзяюць бажніцы аблокаў
бліснула плячо
сам не заўважыў
як з галавы высунуў
сьцябліну кветкі
зь Вільняй сам-на-сам
уздоўж Вяльлі
вілюжнае ды пявучае,
што косамі матляе густа
вулкі Вільні віруюць,
як промні Маці
нідзе ня пуста, ня проста
напрамак у бок
Вільня вядзе па сабе
падштурхоўвае ў сьпіну мезенцам
заганяе ў сутарэньні
ды ўздымае дагары
Гедымін дыміцца маторамі
да машынаў туляцца ровэры
брук стала сталамі застаўлены –
рэстарацыйныя барыкады
юнакі-артысты ў арках
сівы турыста выбівае корку
з глыткі завулку на пляц
з пляца на мост
з моста на дах
у пошуках восі
трохкутны дом
на старым раздарожжы
быццам кавалак торту
застылы воплеск
стужкі сьвятла разгортваюцца з фараў
абрусамі палошчуцца ля кавярняў
вулкі зь Вяльлёй гакападобна
нясуць і збочваюць уцякаюць
засмоктваюць і выціскаюць
закручваюць у спружыну
ты – вяпрук на ражне
ты на ганчарным коле
на цябе нацягнулі плытку
Вільня вакол тваёй восі
вада Вяльлі пакручаста віецца
струменяцца белым бажніцы...
ад’яжджаю тварам насуперак руху
быццам у адваротнай перамотцы