* * *
Ігар Бабкоў
Ноч прыўзьняла веі на восеньскае старонцы
Прымаючы падарункі колеру чакаляды:
Час, высмактаны да раньня, крыху віна на донцы
Заваконнага ветру зблытаныя шарады
Ноч раскінула крылы, ноч разьвінула косы
Ноч адпусьціла памяць, на вуліцы, да сьвітанку
Там, дзе празрыстых ценяў так, як ніколі, досыць
Там, дзе заплюшчыць вочы, як адгарнуць фіранку
Вецер укрые смагу, ноч заціхне ў абдымках
Сьвет паўстане далёкім, як лісты ў капэрце
Як нямое пытаньне на старых фатаздымках
Памяць аб мілых душах, што забыла памерці