11-я запаведзь
Сяргей Прылуцкі
палячы ўвечары на балконе
зь відам на задні двор прадуктовае крамы
ня думаеш ні пра што
проста назіраеш як каты
нібы злыя духі
б’юцца ля сьметніцы
за кавалак лівернай кілбасы
а рабочы электралямпавага заводу
выпіўшы за шапікам фаўст пладовага
нясе дахаты мех цыбулі
каб парадаваць жонку
каб жонка ня біла
каб жонка хаця б любіла
калі ўжо каханьне
20 гадоў як паслала іх абох падалей
а на лаўцы за домам
пад гітарны бой
дзяўчаты робяць мінет
а пацаны згадваюць Лёху з раёну
і помста сьпее пад іхнімі
чорнымі курткамі
дапаліўшы цыгарэту ідзеш на кухню
п’еш малако
і чуеш як сусед зьверху
твой школьны ваенрук
б’е жонку галавой аб кафель
і што б ні казалі
апосталы бацькі альбо твой участковы
забудзь усе запаведзі
і пастарайся палюбіць
гэты кашмар
Настрой верша:сумны
Ключавыя словы: