* * *
Пімен Панчанка
Лясы нырнулі ў хмары шэрыя,
Прыкрыўшы голлем птушанят.
А ты смяялася, не верыла,
Што будзе дождж, што будзе град.
Углыб, углыб усё імчалася
І за сабой мяне вяла;
Хавала вочы і смяялася
І нейкай дзіўнаю была.
А гром рыкаў ужо раз’юшана
За кожнай елкай і сасной.
І прашаптала ты узрушана:
“Што ж нам рабіць, харошы мой?”
А елка, хітрая і цёмная,
У сховішча пазвала нас.
Я вочы цёмныя, бяздонныя
Так блізка ўбачыў першы раз.
Завесілі нас ліўні белыя,
Загінуў свет, дарог няма.
І да мяне, заўжды нясмелая,
Ты прыгарнулася сама.
Стагналі дрэвы мнагарукія,
Ламаўся з грукатам прастор,
І сэрцы ў лад грымотам грукалі,
І бліскавіцы секлі бор…
Забуду ўсё: сяброў і вершы я,
Ды зберагу да скону дзён
Гарачых вуснаў шчырасць першую,
Ігліцы пах і ліўня звон.