Вежа

Уладзімір Арлоў

Там жыве самотнік, — кажуць людзі
пра вежу, што стаіць між балотных пустак. —
Памерлі ўжо тыя, хто бачыў яго.

Блукаю я пусткамі, гляджу на вежу, думаю
затоена: там жыве самотнік.
Толькі няма ніколі святла ў адзіным яе вакне.
Толькі няма ніколі слядоў вакол вежы.
Толькі няма ў яе ўваходу.

Зладзіўшы драбіны, дасягну адчыненага вакна,
запалю ў галубніцы свечку,
убачу на стальцы пергамен,
прачытаю ў ім:

Я збудаваў гэтую вежу,
я замураваў сябе ў ёй,
я разбурыў за сабою, падымаючыся ўгору, сходы... —
птушыны след заместа працягу.

Чытаю пергамен уголас.
З вечаровага неба ляціць да мяне птушка.

Настрой верша:сумны
Ключавыя словы: