Слова
Васіль Вітка
З аднаго зярнятка малога
Вырастае магутны вяз.
Колькі год яму жыць? Вельмі многа.
Сто і дзвесце — залежыць ад нас.
Колькі год на яго верхавіне
У гняздзе клекатаць буслам?
Гэта самі мы ведаць павінны,
Гэта ўсё падуладна нам.
Колькі раз адлятаць ім у вырай
I вяртацца дамоў у свой час?
Усё залежыць ад нашае шчырай
Дабраты — і ці ёсць яна ў нас.
Лес, і рэчку, і клёкат бусловы,
Чалавечую ўсмешку ўраз
Можна знішчыць адным толькі словам,
Што бяздумна вырвецца ў нас.
Стогнуць пілы, скрыгочуць бульдозеры
Наламана нямала дроў.
I чарсцвее душа ад карозіі
Безадказных, бяздумных слоў.
Іх не возьмеш назад, іх не вернеш.
Камяком боль у горле засох.
I ніколі не ўзыдзе зерне,
Што упала ў бясплодны пясок.