Чырвоны Касцёл
Леанід Дайнека
Касцёл Сымона і Алены,
Мы да цябе прыходзім зноў.
Пан Езус тут жыве нятленны
І дорыць нам сваю любоў.
Высокія вежы, чырвоныя сцены...
Тут шмат пакаленняў прайшло.
Бяссмертныя душы Сымона, Алены
Струменяць з нябёсаў святло.
Суровай часінай кляны на дасвецці
Шпурлялі лістоту на дол.
Памерлі калісьці нявінныя дзеці,
І ў памяць іх вырас касцёл.
У розным настроі, у розным узросце
Мы ў Божы Будынак прыйшлі.
Давайце запомнім, што мы — толькі госці
На гэтай трывожнай зямлі.
Наш лёс узлятае, як тыя арэлі —
То ўверх, а то ўніз, да зямлі.
Давайце запомнім, як свечкі гарэлі,
Як словы малітвы плылі.
Смяротныя мы, і памерці павінны.
Дык глянем з любоўю наўкол.
Навекі запомнім святыя хвіліны.
Запомнім Чырвоны Касцёл.