* * *
Васіль Зуёнак
Рэкі дзяцінства —
Самыя глыбокія,
Дрэвы дзяцінства —
Самыя высокія.
Нівы дзяцінства —
Самыя шырокія,
Сцежкі дзяцінства —
Самыя далёкія.
Ночы дзяцінства —
Самыя кароткія,
Сны дзяцінства —
Самыя салодкія.
Крыўды дзяцінства —
Самыя слязлівыя,
Забавы дзяцінства —
Самыя смяшлівыя...
Рэкі
Мялеюць,
Дрэвы
Ніжэюць.
Нівы
Вузеюць,
Сцежкі
Карацеюць.
Ночы
Даўжэюць,
Сны
Гарчэюць.
Крыўды
Смяшнеюць,
Забавы
Слязнеюць...
Што ж гэта,
Што ж гэта
Робіцца, братцы?
Куды ад навалы такой
Схавацца?
Настрой верша:сумны
Ключавыя словы:
