Непаўторнасць

Васіль Зуёнак

Прыходзіць жа аднойчы
Такая вышыня:
Глядзяць прыроды вочы
Штоночы і штодня.
Глядзяць табе насустрач,
Глядзяць табе наўслед.
I ты ўжо — невідушчы —
Бачыш цэлы свет.
Адкрыецца такое
З надхмарнай вышыні —
Не зведаеш спакою,
Не ўзнаеш цішыні.
«Няма іх. I не будзе.
Ніколі. I нідзе...» —
Адкрыецца ў прысудзе,
Што позірк той вядзе.
Чытай па кнізе зорнай:
Няма і не было...
Жыццё — як непаўторнасць,
Як непазбежнасць — тло.
I ты іх вечны дольнік —
Нікога не віні...
Правідчае прадонне
У гэтай вышыні.
I непазбежнасць ночы,
I непаўторнасць дня, —
Усё яна — аднойчы —
I тая ж — вышыня.
I рвецца над сусветам
Нязведаная ніць.
I непаўторнасць гэту
Рукою не злавіць.

Настрой верша:летуценны
Ключавыя словы: