* * *
Васіль Зуёнак
На вагі, на вагі, на вагі,
Ветэраны капытнай цягі!
Смялей, вараныя, гнядыя!
Больш хамут не намыліць шыю.
На вагі, на вагі, на вагі,
Палёў рабацягі!
Кілаграмы — вага жывая:
У вачах — туга незямная.
Дармаеды, бадзягі, —
На вагі!
Адшумела, адкаласіла
На загонах конская сіла.
Hi на ломаны грош павагі, —
На вагі!
Сёння цяга ў пашане ракетная —
To адкрытая, то сакрэтная...
На вагі, на вагі, на вагі, —
Дых займаюць маторы, як магі.
Сёння сілай адзін бензакур
Сарака вашых варты скур!
На вагі, на вагі, на вагі —
I ніякае звягі!
Расквітайцеся з рабскаю скураю,
Даўкім потам і пылам пракуранай.
Боты, партфелі, крагі, —
На вагі!
Утаймуйце пражэрлівы нораў
Чорна-бурых лісіц і норак!
Каб нафутрылі модніц раймагі, —
На вагі!
Кілаграм — па чатыры грыўні...
Спяць вятры ў скасмыленай грыве...
Дзе падкова сталёвай адвагі?
Як зямля, гайдаюцца вагі.
Кілаграм — па чатыры грыўні.
Кілаграм, капытамі грымні!