Брыгадзір (Пасьляваенная сцэнка)
Васіль Зуёнак
А бабы маладыя:
Па трыццаць – трыццаць пяць.
А сьпяць, нібы сьвятыя,
І ложкі не рыпяць.
У плоці і пры целе —
А ноч, як небыцьцё:
Удовыя пасьцелі,
Бязмужняе жыцьцё.
А днём, як прыйдзе ў поле
Калгасны брыгадзір,
Глядзяць – бы вочы коле
Адзін на ўсіх кумір.
Няхай сабе бязногі, —
Нібы дакор яму:
Чаму ж адной во богам
Аддадзен ён – чаму?..
Аддадзен, як украдзен
У іх ва ўсіх, лічы...
І ў кожнай у паглядзе
Для бунту сто прычын.
То тое ёй ня гэтак,
То гэта ёй ня так...
«Ах, бедныя кабеты,
Ах бабы, самы смак —
І ён ня судзіць строга,
Хоць норавам і крут, —
Прабачыцца: — Вас многа,
А я ... адзін... вось тут...
Хоць разумею слаба,
Хоць дзела не маё, —
Пасеяць бы вам, бабы,
З гектар які... мужчын...»