Коця і Каця
Васіль Вітка
Плача коця на кухнi,
Ад слёз вочкi папухлi.
— Што з табою, мой каток,
Забалеў мо жываток?
— Мяў, — сказаў варкоцiк, —
Не балiць жывоцiк.
У мяне душа баліць —
Як цяпер на свеце жыць?
Як мне жыць у хаце,
Калі хлусіць Каця:
Смятану злізала —
На мяне сказала.