* * *
Яўгенія Янішчыц
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.
Хапае на Палессі
I сонца, і вады.
I што ні двор — то песня,
Што вёска — то сады.
Па травах светла-шызых
Мы пройдзем ля ракі,
Дзе, мыючы бялізну,
Вядуць сваё жанкі.
I будзе песня спета
Пра шчасце і бяду
I будзе падаць лета
У гуллівую ваду.
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы.
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы
