* * *
Яўгенія Янішчыц
Помню, помню праз гады,
Спеўная ваколіца:
«Выпі, золатца, вады,
Сэрца супакоіцца».
Да крынічнай, спакайной —
Сцежкі-птушкі вольныя.
Трыццаць вёснаў за спіной,
А ці ўсе спакойныя?
Мне дарогі не пытаць,
Сонейка высокага.
А як жа стану суцяшаць
Ў горы сябра-сокала?
Ды, вядома, як тады
Ты мяне, ваколіца:
«Выпі, золатца, вады,
Сэрца супакоіцца».