Дзед і Баба
Кандрат Крапіва
Ехаў Дзедка на кірмаш, 3 ім на возе — Баба. Конік з выгляду — дарма, Ды цягнуў ён слаба:
Меў не болей двух гадоў, Як суседзі кажуць. Баба ж тая — сем пудоў, Сама меней, важыць.
Пад узгорак або ў гразь — Конь насілу возьме. Стала Баба памагаць... Седзячы на возе.
Што ж, каню другі гадок. Дык яна — за білы Ды нагамі у перадок Пхне, як мае сілы.
— Кінь, дурная, бо зганю! — Дзед тут Бабе кажа. — Ты паможаш так каню, Як хваробе кашаль.
— Ах ты, ёлупень стары! — Баба Дзеда лае. — Стой жа тут, хоць ты згары! Мне бяда малая.
Потым — гоп яна з калёс, Села ля дарогі, А каня як чорт панёс, — Дзе ўзяліся й ногі!
o o o
Ва ўстановах часам ёсць Вось такія ж "бабы": Здэцца, й робяць яны штось, Але справы — слабы.
Ды такая не ўцячэ! Скажам ёй нарэшце: — Мо без вас было б лягчэй? Паспрабуйце злезці!