Вось і лета сышло
Пятрусь Броўка
Вось і лета сышло.
Адспявалі калоссі,
Цяжка мне заўважаць,
Як з’яўляецца восень.
Непрыкметна зусім
Прыплыве павуцінкай.
Гляне жоўтым лістком
з-пад зялёнай хусцінкі.
Усплыве туманом
Над рачулкаю соннай,
Устрывожыць дымком
Зпахам бульбы пячонай.
Зачаруе агнём
Маладзенькай рабіны,
На адлёце крылом
Памахае бусліным.
А пасля,
А пасля
Ліст апошні сарвецца…
Ды не знаю чаму
Ты мне, восень, па сэрцу!
Настрой верша:натхнёны
Ключавыя словы:
