Мама падрэзала косы
Яўгенія Янішчыц
Быццам палын у пракосах,
Частая сівень імжыць.
Мама падрэзала косы —
Стала іх цяжка насіць.
Вёрсты смылелі даўгія,
Доўгія ночы — на ўздых.
Доўгія косы тугія,
Ой, на плячах маладых!
Пылам іх, горам накрылі
Скруха, вайна і крыжы.
Доўгія косы любілі
Два, што ў магілах, мужы.
Сталіся зімамі вёсны, —
Ані жаўронка ў палях.
Мама падрэзала косы —
Як укароціла шлях.
