А ты ідзі!
Пятрусь Броўка
Дарог у свеце многа,
А ты між іх сваю знайдзі.
Няхай нялёгкая дарога,
А ты ідзі,
А ты ідзі!..
Няхай цябе віхор збівае,
Няхай трывожна даль гудзіць,
Няхай сцяжынку замятае,
А ты ідзі,
А ты ідзі!..
Няхай звісаюць цемрай ночы,
А ты на зорку ўдаль глядзі
Няхай пясок і золь у вочы,
А ты ідзі,
А ты ідзі!..
Няхай, абы ты верыў прагна,
Няхай жуда, няхай адзін,
Няхай каменне, твань і багна...
А ты ідзі,
А ты ідзі!..