* * *
Яўгенія Янішчыц
З зялёнага Палесся,
З празрыстае ракі
Хадзем са мною, песня,
Праз шумныя вякі.
I я, як ты, балесны
Парыў ў сабе нясу.
Ступай са мною, песня,
На камень і касу.
Якім балючым сказам
Маўчаць паданні дрэў?
Са мною, песня, разам
Пакутуй і мудрэй.
За покрывам туману,
За сіверам завей,
Калі ўпаду, не ўстану, —
Ідзі адна далей!