У час прагулкі з бацькам
Раіса Баравікова
Калі зайграе марш вайсковы,
хаду супынім неўзнарок.
Мой бацька, быццам выпадкова,
кране нэрвова каўнярок.
Расшпіліць гузік, нібы цеснай
кашуля стала ў гэты міг.
Плыве мэлёдыя аркестра,
яе так многа на дваіх.
Яна сьвяточнасьцю абвее,
пасьля жалобаю дыхне
і з апантанасьцю завеі
галінку кволую сагне.
Ды вось ужо за паваротамі
нам чутны музыкі прыбой...
– Пад гэты марш калісьці рота
мая ішла ў свой першы бой!
З нас кожны думаў: давядзецца
дажыць да пераможных дат, –
прамовіць бацька, сьцепанецца,
нібыта ўбачыць тых салдат
ён у страі, за паваротам...
Далёка музыка гудзе,
а бацька бачыць сваю роту,
яна ў свой першы бой ідзе.
Ідзе ўсё тая ж, як калісьці,
ды не лягчэе на душы,
бо побач доўга кружыць лісьце
над абеліскам ля шашы.
