Рабінавая ноч
Раіса Баравікова
Зьліваліся рукі ў бязьсільлі,
выразьней ня знойдзеш здымкаў!
А як жа вусны прасілі
мацьнейшага з моцных абдымкаў.
А як жа вусны шапталі,
такое гавораць аднойчы,
мы ў бераг мокры ўтапталі
юначай цнатлівасьці вочы.
І білася хваля аб хвалю,
пакуль зіхацелі зоры,
і пругкія грудзі хавалі
тых пацалункаў узоры.
Два целы ў салодкай стоме
болем акропваў золак,
выглянуў першы промень, –
здавалася, безьліч іголак
рассыпала полымя страсьці...
Такое бывае аднойчы,
а мне яшчэ б раз упасьці
у жвір той гарачай ночы.