Нідзе не растрывожу так душу
Раіса Баравікова
Выходжу за Маскоўскую шашу
з букетам сьціплых кветак у прыполе.
Нідзе не растрывожу так душу,
як тут, на гэтым васільковым полі.
Глытаю цішу высьпелых раўнін,
мне не спазнаць ніколі настальгіі,
пакуль вакол трава, як шоўк тканін,
і васількі, як неба, дарагія.
Я не патраплю ў сонечны зеніт,
але ўпаду ад шчасьця на калені.
Раскалвайся, і сэрца, і граніт,
на тысячы пялёсткавых праменьняў.
Апошняй песьняй кветкі абдыму,
жыцьцё мае няроўны сьлед пакіне.
Ніколі, поле, ты ня вер таму,
хто скажа – безь цябе я не загіну.
Бывае, што прызнаньнямі грашу,
разьвітваюся бяз жальбы i болю.
Нідзе не растрывожу так душу,
як тут, на гэтым васільковым полі.
Настрой верша:сумны
Ключавыя словы: