* * *
Максім Танк
Калі сустрэў цябе я вечарам,
адчуў і радасць і трывогу,
і затрымаўся, быццам нечага
я не узяў з сабой ў дарогу.
Чаго? Кавалак хлеба чорнага,
ў якім дыміць радзімы попел,
прамень Палярнай з неба зорнага
ці жвіру з першага акопа?
He, гэта ўсё са мной, як некалі.
Аднаго толькі нехапае:
ацененых густымі вейкамі
тваіх вачэй, што сонцам ззяюць,
тваіх валос, якіх не краталі
нi навальніцы, ні туманы,
і рук, пахучых польнай мятаю,
і вуснаў, моладасцю п'яных.
Усё ты гэта добра ведаеш.
Калі-ж цябе я сустракаю,
мяне — знарок ты ці нясведама –
на раздарожжы пакідаеш.
На раздарожжы, дзе віднеецца:
«Налева ці направа пойдзеш, —
пустыня прад табой рассцелецца
і век спакою ты не знойдзеш»...
Ды я спакою не вымаліваў,
і не жабрак — прасіць спагады,
хоць ахапіла мяне зарава,
як лес гаручым лістападам.
Іду і сам з сябе дзіўлюся я,
як вусны, спаленыя сёння,
пра твае вочы, косы русыя,
не стогнам, але песняй звоняць.
Той песняй, ад якой ніколі мо'
няхопіць ўратавацца сілы:
яна праб'ецца сонца полымем
і за апошнім небасхілам.