Сапраўдны герой
Вера Бурлак
Ты хваліўся, быццам бы ты ледзь не з цароў
Ці, горш таго,
з фараонаў. Я
Набіла табе морду, каб праверыць,
ці блакітная ў цябе кроў –
Не, чырвоная.
І яшчэ ты казаў, што ў тваёй галаве
Жыве незвычайны эльф,
які ведае ўсе тайны.
Я разрэзала твой чэрап, каб праверыць,
ці незвычайны эльф там жыве –
Не, звычайны.
А гэта, знаёмцеся, мой герой –
Пэдра Пабітая Пыса,
сын гішпанкі Канкісты і індзейскага правадыра.
Ён скокнуў у мора ля невядомага мыса,
Ратуючыся ад прыхільнікаў Ра.
Яго непрытомнага вылавілі ў халоднай вадзе пінгвіны,
адагрэлі, аблашчылі, але ён і ад іх зьбег,
бо прагнуў свабоды. Я праверыла, ці ня вата
прычапілася да ягонае сьпіны –
Не, сьнег…
Ключавыя словы: