* * *
Данута Бічэль-Загнетава
Любы, не шкадуй мяне так доўга.
Каб да сэрца сэрцам не прысох,
супыніўшы коніка гнядога,
адпусці на нёманскі пясок.
Вернешся гасцінцамі старымі –
церпкі і гарачы, бы віно.
Берагам, што мы з табой стварылі,
стромым і пяшчотным заадно…
З туманоў даліначкі-даёнкі
напаі світальнага каня.
Нашых чыстых рэк разбег далёкі,
паміж іх – любоў, нібы канал…
Развітання золкае світанне.
Перад светам стоеным стаім.
Як маё з адчаю сэрца стане,
дык чыё затахкае з тваім?
А табе ж губляць нічога нельга.
Сам ты для знаходак, не для страт.
Ты як вецер, як прастор, як неба.
Ты, які мне трэба, акурат…