* * *

Алесь Бачыла

Стрэсы!..
Каму яны трэба,
стрэсы?
Ад іх да магілы
падаць рукой...
О, Чалавецтва,
ў тваіх інтарэсах,
Каб на Зямлі
панаваў спакой.

Цябе ж раздзіраюць
вар'яцкія страсці,
Прагнасць да ўлады
і прагнасць улад...
Як жа магло
гэтак нізка ты пасці,
З доляй сваёю
пайсці неўпапад?

Хто і за што
цябе гэтак карае?
Ці за вякі
апілося маной?
З ёю нараджаешся,
з ёю паміраеш,
І ўваскрашаеш былое
па ёй.

Яснасць закрыта
высокай гарою,
Як праз хлусню ёй
прабіцца на свет?
Як? Калі ўлада – не розум
а зброя,
Страшная сіла
смяротных ракет.

Сіла...
Хіба ж нам
дрыжаць перад ёю?
Сіла ж і мы,
калі мы – не ў разлад.
Разам давайце
заціснем пятлёю:
Прагнасць да ўлады
і прагнасць улад.

Настрой верша:трывожны
Ключавыя словы: